Геранены                                                   сайт местечка

 

Замок

Паселішча Геранёны згадваецца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з першай паловы ХV ст. У 1433 г. Жыгімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі, падараваў Геранёны разам з Дзявенішкамі, Меднікамі і Тыкоцінам Яну Гаштольду. У 1493 г. вялікі князь Аляксандар пацвердзіў прывілеі на права валодаць Геранёнамі Войцаху Гаштольду, тагачаснаму канцлеру Вялікага Княства Літоўскага і віленскаму ваяводу. Мяркуецца, што на рубяжы ХV - пачатку ХVІ ст. і быў пабудаваны мураваны замак. Гаштольды валодалі замкам да 1542 г. Потым ён перайшоў да вялікага князя Жыгімонта Старога, а ад яго - да Жыгімонта Аўгуста. У ХVІІ ст. Геранёны - ва ўладанні Пацаў.
Падчас вайны з Маскоўшчынай 1654-1667 гг. замак быў разбураны, але, відаць, неўзабаве яго зноў аднавілі. Вядома, напрыклад, што ў 1670 г. князь Міхаіл Пац аддаў Геранёны разам з Ліпнішкамі ў дзяржаўнае ўтрыманне, а грашовыя прыбыткі ішлі на развіццё велікакняжацкай артылерыі.
У пачатку ХІХ ст. замак пуставаў, а потым, у сярэдзіне стагоддзя, яго пачалі разбураць.
Замак стаяў на штучнай земляной выспе. Сцены ўтваралі квадрат 27 х 27 м, на кожным рагу якога стаялі мураваныя вежы, узведзеныя на вапнавым растворы, у традыцыйнай для Беларусі тэхніцы «паласатай» кладкі. Шырока выкарыстаны палявы камень. Цэглай у асноўным абліцоўвалі вежы, і, напэўна, завяршалі сцены. Сцены замка на асобных участках захаваліся да 4 м вышыні.
Падмурак - з вялікіх камянёў, пакладзеных на вапне. Шчыліны старанна запоўнены кавалкамі цэглы і растворам. Вышыня падмурка не больш за 1 м.
Вежы Геранёнскага замка мелі цыліндрычную форму і дыяметр 8 м. Сцены двухметровай таўшчыні складзены з каменю, звонку - цагляная абліцоўка. Кладка гатычная: чаргаванне аднаго лажка і аднаго тычка.
Падмуркі вежаў і сцен маюць аднолькавую глыбіню - каля 1 м, лінія каменнай і цаглянай кладак супадае. Аднолькавая не толькі тэхніка кладкі, але і памеры цэглы. Гэта, думаецца, важкі доказ на карысць таго, што замкавыя сцены і вежы ўзводзілі ў адзін час.
Рэшткі паўночна-заходняй вежы замка сведчаць аб тым, што вежа мела скляпеністае перакрыццё паміж двума ніжнімі паверхамі. Захаваўся аконны праём ніжняга паверха вышынёй у 1 м і шырынёй 0,6 м з гатычнай аркай.
Ля паўднёвай сцяны замка калісьці стаяў палац, які ўзвялі хутчэй за ўсё ў канцы ХVІ ст. Вядома, што ў 1565 г. панскі палац у замку быў яшчэ драўляны.
Пазней, калі яго перарабілі на мураваны, ён быў двухпавярховым, меў па некалькі пакояў на кожным паверсе, вялікую залу. Усе 12 вакон былі звернуты ў бок дзядзінца. Па цэнтру спічастага даха стаяў флюгер у выглядзе бляшанага бусла, а па краях - дзве бляшаныя зоркі.
Адзначым таксама, што ад самога замка абарончы вал аддалены на адлегласць 80 м. Яго значная вышыня (до 10 м) захоўвала будынак замка ад прамога паражэння пры стральбе з гармат у час аблогі. Шатровы дах замкавых вежаў, дах над баявым ходам сцен і ў палацы пакрывала чарапіца-дахоўка.
Важным элементам абароны замка быў магутны сямісотметровы земляны вал вышынёю 9-10 м. У аснаванні ён дасягаў 15 м шырыні. У плане вал нагадвае выцягнуты прамавугольнік з закругленымі вугламі. Ля падножжа вала ляжаў абарончы роў, які вясною, калі раставаў снег, або ўвосень, у пару дажджоў, запаўняўся вадою.
Геранёнскі замак узводзіўся ў тыя часы, калі ўзрастала значэнне артылерыі. Спадзявацца на магутнасць замкавых муроў было ўжо небяспечна, і ўвесь асноўны цяжар абароны пачаў прыпадаць на знешнія ўмацаванні - равы і валы. Мы бачым як бы крок наперад у развіцці тактыкі абароны замкаў. Найбольшая ўвага тут аддаецца знешняму валу, з унутранага боку якога ўзведзена мураваная сцяна таўшчынёй 1,25 м і вышынёй 4,5 м. Сцяна не давала апаўзаць валу ўсярэдзіну замкавага двара. Апроч таго, у час аблогі пад аховай сцяны смялей хадзілі воіны гарнізона.
На кожным рагу вала падпорная сценка пераходзіла ў сямікантовыя вежы-рандэлі - асноўныя агнявыя пункты вала. Таўшчыня рандэляў - 1,75 м. Ні памерам цэглы і камення, ні тэхнікай узвядзення яны не адрозніваюцца ад падпорнай сцяны. Рандэлі мелі не больш як па два паверхі. Прычым ніжні паверх, вышынёй каля 4,5 м, увесь размяшчаўся ў тоўшчы вала. Тут, відаць, захоўваліся розныя ваенныя прыпасы і рыштунак. Другі паверх пачынаўся на ўзроўні вяршыні вала і нагадваў сямікантовы мураваны бастыён з перыметрам сцен каля 25 м. Перакрыццё паміж паверхамі хутчэй за ўсё рабілася з бэлек.
Трапіць на другі паверх можна было па прыступках мураванай лесвіцы, якая пачыналася ля самага нізу падпорнай сцяны на стыку са сцяной рандэля. Немалую агнявую сілу можна было сканцэнтраваць і на самім вале. Цікавы ўезд у Геранёнскі замак - з усходняга боку, дзе вал асабліва магутны, а абрончы роў мае 4 м глыбіні і 15 м шырыні.
Уязная замкавая брама пераразала ніжні паверх паўднёва-ўсходняга рандэля, сцены якога, у параўнанні з іншымі, патоўшчаны да 2,2 м. Трапіць да брамы можна было па лёгкім драўляным мосце, перакінутым цераз роў. Магчыма, частка моста перад брамай падымалася. Пад'езд да брамы надзейна ахоўваўся зверху і з суседніх участкаў вала. Акрамя таго, справа ад брамы вал меў бастыёнападобны выступ, стратэгічнае прызначэнне якога несумненнае: ён фланкіраваў агнём і мост, і бліжнія подступы да брамы. Гэта, так сказаць, правобраз тых бастыёнаў і бастыённай сістэмы ўмацаванняў, якія пачнуць шырока прымяняцца ў Беларусі ў другой палове ХVІ ст., і асабліва ў ХVІІ ст.
Не выпадковае, вядома, і размяшчэнне Геранёнскага мураванага касцёла, узведзенага ў 1529 г. Абнесены мураванай сцяной, ён непасрэдна прымыкаў да абарончага рова перад брамай і, такім чынам, з'яўляўся дадатковай перашкодай на шляху да замка.
З поўным правам можна сказаць, што Геранёнскі замак - яркі ўзор замкавага будаўніцтва ў Беларусі на рубяжы ХV-ХVІ стст. Хоць тут і ёсць асобныя элементы эўрапейскай фартыфікацыі, усё ж больш ярка і выразна вылучаюцца мясцовыя ваенна-будаўнічыя традыцыі. Аб гэтым сведчаць і будаўнічыя матэрыялы, і прынцып узвядзення валаў, і мураваны замак з чатырма вежамі, размешчаны на штучнай выспе, што было найбольш характэрна для беларускага ваеннага і царкоўна-цытадэльнага дойлідства тых часоў. Замак стаў як бы звязваючым звяном паміж старымі мясцовымі прыёмамі фартыфікацыі і бастыённай сістэмай умацаванняў, якая неўзабаве набыла шырокае распаўсюджанне.


Міхась Ткачоў
Страчаная спадчына
Мінск, Беларусь, 2003

   


 Сайт оптимизирован 800*600 ® Ссылка при перепечатке обязательна

проект Гецевича Андрея 2003 г., август, 15 число.

На главную
История
Костел
Замок
Люди
Новости
Местечки
Фотоархив
Гостевая
Форум

 

 
 
 
  Яндекс.Метрика